Перайсці да зместу

Volkswagen Group

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Volkswagen AG)
Volkswagen Group
Тып multinational corporation[d], кангламерат, бізнес, вытворца аўтамабіляў[d] і публічная кампанія
Лістынг на біржы Франкфурцкая фондавая біржа
Заснаванне 28 мая 1937
Заснавальнікі Германскі працоўны фронт
Краіна
Адрас
Галіна аўтамабільная прамысловасць
Прадукцыя аўтамабіль, грузавы аўтамабіль, фургон[d] і матацыкл
Абарот
  • ▼322 млрд € (2025)[3]
Аперацыйны прыбытак
  • ▼8,87 млрд € (2025)[3]
Чысты прыбытак
  • ▼6,9 млрд € (2025)[3]
Актывы
  • ▲410 млрд € (31 снежня 2016)[2]
Капіталізацыя
  • ▲113 млрд € (31 снежня 2021)[4]
Колькасць супрацоўнікаў
  • ▲672 800 чал. (31 снежня 2021)[5]
Матчына кампанія Porsche Automobil Holding SE[d]
Даччыныя кампаніі Audi[6], Lamborghini, Bentley, кампанія, Bugatti[d], MAN SE, Scania, SEAT S.A., Škoda Auto, Italdesign[d], Skoda Auto Volkswagen India[d], Porsche AG, Volkswagen Group of America[d][7], Volkswagen do Brasil[d][7], Audi Sport[d][7], AGR Automotive Group[d][7], Volkswagen Finance Luxembourg S.A.[d][7], Volkswagen (China) Investment Company[d][7], Carmeq[d][7], Digiteq Automotive[d][7][8], ŠkoFIN[d][8], Credex Bank[d][8], Porsche Česká republika[d][8], Porsche Engineering Group[d][8], Data:Lab Munich[d], Volkswagen Group Components[d], MOIA[d], VOLKSWAGEN SLOVAKIA, a.s.[d], Volkswagen, Volkswagen Argentina[d], Porsche Holding[d], Volkswagen Autoversicherung AG[d] і Volkswagen-Design[d]
Сайт volkswagenag.com (англ.)​ (ням.)
volkswagenag.com/… (ням.)
volkswagenag.com/… (англ.)

Канцэрн Volkswagen (ням.: Volkswagen Konzern) альбо Volkswagen AG (VW AG) — германскі аўтамабілебудаўнічы канцэрн.

Назва Volkswagen літаральна азначае «народны аўтамабіль», па-беларуску вымаўляецца Фальксва́ген.

У 2016 г. канцэрн стаў найбольшым аўтавытворцам у свеце паводле продажаў (11,9 % сусветных продажаў) і ўключаў 120 аўтазаводаў у 31 дзяржаве[9]. Кампанія займае 9 месца ў Fortune Global 500[10] (2019 год).

Завод у Вольфсбургу

На 31 снежня 2016 г. Volkswagen AG размясціла на біржы 295 089 818 звычайных акцый і 206 205 445 прывілеяваных.

Уласнікамі падпіснога капіталу звычайных акцый былі: Аўтамабільны холдынг Porsche AG — 30,8 %, ТАА «Інвестыцыйная ўправа Катара» — 14,6 %, Урад зямлі Ніжняя Саксонія —11,8 %, іншыя замежныя ўстановы —22,8 %, фізічныя асобы — 18 %, іншыя ўстановы Германіі — 2,3 %.

Правы голасу паводле прывілеяваных акцый размяркоўваліся наступным чынам: Аўтамабільны холдынг Porsche AG — 52,2 %, Урад зямлі Ніжняя Саксонія — 20 %, Інвестыцыйная ўправа Катару — 17 %, іншыя — 10,8 %[11].

Размяшчэнне заводаў па краінах (2009 г.)

На 2017 г. канцэрн «Фальксваген» складаўся з 2 падраздзяленняў:

  • Аўтамабілебудаўнічае падраздзяленне ўключала:
  • Падраздзяленне фінансавых паслуг — пазычала прадаўцам і пакупнікам самаходаў, ажыццяўляла лізінг і страхаванне, кіраванне аўтапаркам і перавозкі.

Канцэрн «Фальксваген» пастаўляў самаходы пад уласным таварным знакам і 10 таварнымі знакамі даччыных прадпрыемстваў:

У 2016 г. на заводы канцэрна «Фальксваген» прыпала 11,9 % сусветных продажаў самаходаў, якія ажыццяўляліся ў 153 краінах. На 2017 г. канцэрн «Фальксваген» меў 120 заводаў у 31 дзяржаве:

Завод у Гановеры (2008 г.)
Ваенны аўтамабіль (Музей у Аўстрыі, 2005 г.)
  • У маі 1937 года ў Берліне (Нямецкая дзяржава) «Нямецкі працоўны фронт» заснаваў ТАА «Таварыства падрыхтоўкі народнага аўтамабіля». У студзені 1938 г. пад Фалерслебенам (Паўднёвагановерска-Браўншвайская вобласць; цяпер Ніжняя Саксонія) пачалося будаўніцтва завода паводле ўзору аўтазавода «Форд» на рацэ Руж (штат Мічыган, ЗША). У Браўншвайгу сталі ўзводзіць вытворчасць аўтадэталяў.
  • 16 верасня 1938 г. назву прадпрыемства змянілі на ТАА «Народны аўтамабільны завод», якое атрымала ўлік у гандлёвым рэгістры 18 кастрычніка.
  • У снежні 1939 г. завод атрымаў ад Паветраных войскаў Германіі заказ на рамонт знішчальнікаў «Юнкерс-88» і пастаўку паліўных бакаў і крылаў да іх.
  • З лета 1940 года ў вытворчасці сталі выкарыстоўваць пераважна прымусовую працу замежных нявольнікаў, сярод якіх пераважалі польскія жанчыны, ваеннапалонныя і вязні канцлагераў.
  • У 1941 г. паставілі 2-ю зборачную лінію для вырабу бяздзверных і вадаплаўных паўнапрывадных самаходаў для войска.
  • У 1943 г. вытворчасць пашырылі за кошт размяшчэння заказаў у захопленых землях Францыі. За 1940—1944 гады на заводзе вырабілі 66 285 ваенных самаходаў.
  • У 1944 г. іншаземцы з захопленых нямецкім войскам краін Еўропы складалі 2/3 работнікаў аўтазавода (каля 20 000 чалавека).
  • 11 красавіка 1945 г. амерыканскае войска заняло горад, дзе размяшчаўся завод. У выніку вытворчасць ваеннага абсталявання спынілася[14].
  • У чэрвені 1945 г. Брытанскі ваенны ўрад (Бад-Эйнгаўзен, цяпер зямля Паўночны Рэйн — Вестфалія) узяў аўтазавод у давернае кіраванне.
  • 27 снежня 1945 г. завод аднавіў вытворчасць седанаў «Фальксваген Жук» (ням.: Käfer). У сакавіку 1946 г. вытворчасць дасягнула 1000 самаходаў за месяц.
  • 25 кастрычніка 1946 г. з’явіліся 2 першыя гандлёвыя прадстаўнікі, якія сталі збываць аўтамабілі насельніцтву праз 10 распаўсюднікаў і 28 прадаўцоў. У студзені 1947 г. адкрылася першая рамонтная майстэрня.
  • 1 кастрычніка 1948 г. «Фальксваген» падаў заяўку на ўлік свайго таварнага знака ў выглядзе лацінскіх «літар V і W у крузе», які яшчэ ў 1937 г. распрацаваў інжынер рухавікоў «Поршэ» Франц Раймспіс (1900—1979).
  • У 1948 г. пачаўся экспарт у іншыя краіны Еўропы, дзе за год прадалі 4385 самаходаў: 1820 у Нідэрланды, 1380 у Швейцарыю, 1050 у Бельгію, 75 у Нарвегію, 55 у Швецыю і 5 у Данію. У 1949 г. экспарт вырас да 7127 аўтамабіляў (15 % вытворчасці).
  • 30 чэрвеня 1949 г. заснавалі даччынае ТАА «Фінансаванне Фальксвагена», якое стала выдаваць 1-гадовыя пазыкі на набыццё аўтамабіляў.
  • 8 кастрычніка 1949 г. Брытанскі ваенны ўрад перадаў ураду зямлі Ніжняя Саксонія кіраўніцтва прадпрыемствам, якое налічвала каля 10 000 супрацоўнікаў, вырабляла штомесяц 4000 самаходаў і назапасіла 30 млн нямецкіх марак.
  • У 1948—1949 гадах «Фальксваген» вырабіў каля паловы ўсіх аўтамабіляў у Заходняй Германіі[14].
«Фальксваген Жук» (1951 г., Баварыя)
  • У 1950 г. экспарт падвоіўся да 1/3 аўтамабіляў і ажыццяўляўся ў 18 краін, у тым ліку ўпершыню ў Паўднёвую Амерыку — 1253 самаходы паставілі ў Бразілію.
  • 8 сакавіка 1950 г. пачалі выраб фургонаў «Транспарцёр», якія занялі 1/3 нямецкага рынка ў сваёй нішы. У выніку ў 1950-я гады «Фальксваген» стаў найбольшым экспарцёрам Германіі, чый самаход «Жук» стаў найбольш прадаваным. Адначасна адкрылі зборачныя заводы ў Бразіліі, Паўднёвай Афрыцы (1956 г.) і Аўстраліі (1957 г., Мельбурн). 11 верасня 1952 г. заснавалі гандлёвае ТАА «Фальксваген Канады» (Таронта). 23 сакавіка 1953 г. адкрылі вытворчае ТАА «Фальксваген Бразіліі» (Сан-Паўлу), якое ў ліпені пачало зборку седанаў «Фальксваген Жук». Пасля гэтага можна казаць пра ўзнікненне канцэрна «Фальксваген».
  • 21 лістапада 1953 г. таварны знак прадпрыемства атрымаў улік у Патэнтнай службе Германіі.
  • 21 ліпеня 1955 г. заснавалі гандлёвае ТАА «Фальксваген ЗША» (Нью-Ёрк), якое прадало за 1956 г. 42 884 «Жукоў» і 6666 «Транспарцёраў». Збытавая сетка ў ЗША складалася з 15 распаўсюднікаў і 342 прадаўцоў.
  • 5 жніўня 1955 г. «Фальксваген» выпусціў мільённы самаход. У 1957 г. дзякуючы новаму заводу ў Гановеры выраб «Транспарцёраў» вырас на траціну да 91 993, 2/3 з якіх экспартавалі.
  • У верасні 1957 года ў Оснабруку (Ніжняя Саксонія) пусцілі вытворчасць кабрыялетаў «Карман-Гіа».
  • 18 лістапада 1959 года ў Сан-Бернарду-ду-Сампу (штат Сан-Паўлу, Бразілія) адкрылі новы аўтазавод, дзякуючы якому ў 1960 г. продажы ў Бразіліі выраслі на 67 % да 47 320 самаходаў (41 % рынка). Лік супрацоўнікаў у Бразіліі перавысіў 8000 чалавек[14].
  • 21 ліпеня 1960 г. Саюзны сход Заходняй Германіі зацвердзіў Закон «Аб перадачы правоў на паі ТАА „Народны аўтамабільны завод“ у прыватныя рукі», паводле якога 60 % паёў прадалі грамадзянам. Па 20 % паёў атрымалі Саюзны ўрад Германіі і Урад зямлі Ніжняя Саксонія. 22 жніўня 1960 г. «Фальксваген» атрымаў улік у гандлёвым рэестры ў якасці акцыянернага таварыства (АТ). Да 15 сакавіка 1961 г. 60 % паёў АТ прадалі за 360 млн нямецкіх марак, па 350 марак за пай. Выручаныя ад продажу паёў сродкі перавялі фонду «Фальксваген» (Гановер), які заснавалі для выдаткоўвання на распрацоўкі канцэрна.
  • У 1961 г. завод у Вольфсбургу пачынае запрашаць на працу замежных работнікаў, лік якіх да канца 1962 г. дасягнуў 4494, з іх 3188 (71 %) з Італіі.
  • 2 кастрычніка 1961 г. завод у Гановеры выпусціў мільённы «Фальксваген Транспарцёр». За 1961 г. канцэрн «Фальксваген» вырабіў звыш млн самаходаў (1 007 113).
  • 15 студзеня 1963 г. канцэрн атрымаў марскі карабель «Ёган Шульт», які мог перавозіць 1750 самаходаў.
  • У 1963 г. канцэрн «Фальксваген» стаў найбольшым у свеце экспарцёрам самаходаў, каля 60 % якіх прадалі за мяжу. На 31 снежня 1963 г. завод у Вольфсбургу наймаў 43 722 супрацоўнікі і мог за суткі выпусціць да 3300 легкавікоў. У 1964 г. экспарт у ЗША дасягнуў каля 330 000 аўтамабіляў, пасля 4-гадовага росту продажаў у сярэднім на 20 % штогод. У ЗША «Фальксваген Жук» атрымаў паноўнае становішча ў сваёй нішы.
  • 15 студзеня 1964 года ў Мехіка заснавалі ААТ «Фальксваген Мексікі», якое ў лістападзе 1967 г. адкрыла новы завод у Пуэбле-дэ-Сарагоса. У выніку гадавыя продажы ў Мексіцы дасягнулі 22 220 аўтамабіляў (21,8 % рынка).
  • 1 студзеня 1965 г. «Фальксваген» набыў у АТ «Даймлер-Бенц» яго даччынае ТАА «Аўта-Саюз» (Інгальштат, зямля Баварыя), якое мела збытавую сетку ў 1200 аўтакрамаў, 11 000 супрацоўнікаў і завод магутнасцю на 100 000 самаходаў за год. Набыты завод стаў вырабляць аўтамабілі «Аўдзі».
  • 12 ліпеня 1965 г. стварылі ТАА «Вольфсбургскія перавозкі», якому перадалі 55 марскіх грузавых караблёў і 1700 супрацоўнікаў. Да канца года даччынае прадпрыемства перавезла звыш 168 000 аўтамабіляў.
  • У 1968 г. вытворчасць у Аўстраліі давялося спыніць, бо ўрад запатрабаваў да 1969 г. вырабляць аўтамабілі на 95 % з мясцовых дэталяў.
  • 26 жніўня 1969 г. даччынае ТАА «Аўта-Саюз» злучылася з АТ «Некарсульмскі маторны завод» (зямля Бадэн-Вюртэмберг) у АТ «Некарсульмскі Аўта-Саюз „Аўдзі“», дзе «Фальксваген» атрымаў 59,5 % паёў[14].
«Фальксваген Пасат» (Вена, 1973 г.)
  • У 1970 г. продажы канцэрна ў ЗША дасягнулі каля 570 000 аўтамабіляў.
  • У сакавіку 1970 г. набылі найбольшае ў Германіі прадпрыемства аўтанайму «Самаходавы Саюз». 1 ліпеня 1970 г. адкрылі новы завод у Зальцгітэры (Ніжняя Саксонія), дзе 2000 з 5108 супрацоўнікаў выраблялі рухавікі, у тым ліку для «Аўдзі 100».
  • 17 лютага 1972 г. вытворчасць «Жука» дасягнула 15 007 034 самаходаў, што зрабіла яго найбольш распаўсюджаным у свеце аўтамабілем.
  • 14 чэрвеня 1973 г. заснавалі разам з югаслаўскім імпарцёрам «Уніс» сумеснае прадпрыемства «Аўтамабільны завод Сараева» (Вагошча; цяпер Боснія і Герцагавіна), на якім з 10 лістапада 1973 г. пачалі вырабляць аўтамабілі «Фальксваген».
  • За 1973 г. у Зальцгітэры вырабілі звыш 400 000 аўтамабіляў, у тым ліку з мая пачалі вырабляць частку седанаў Volkswagen Passat.
  • У выніку нафтавага крызісу 1973 года да 1975 г. продажы ўпалі на 40 % да 2,038 млн самаходаў. У ЗША да 1976 г. продажы скараціліся больш як удвая да 238 167 самаходаў.
  • 21 чэрвеня 1976 года ў Зальцгітэры выпусцілі першыя 4-цыліндравыя дызельныя рухавікі абсягам у 1,5 літра. 31 ліпеня 1978 г. пусцілі завод у акрузе Уэстэрморланд (штат Пенсільванія), дзе сталі вырабляць самаходы «Фальксваген Гольф» для Паўночнай Амерыкі.
  • 20 снежня 1978 года ў Мюнхене (Баварыя) заснавалі ТАА «МАН-Фальксваген» для вытворчасці лёгкіх грузавікоў з АТ «Машынабудаўнічы завод Аўгсбурга і Нюрнберга» (Обергаўзен).
  • У лістападзе 1978 г. «Фальксваген» падпісаў кантракт на пастаўку 10 000 самаходаў «Гольф» у Германскую Дэмакратычную Рэспубліку. Пры канцы 1978 г. збытавая сетка налічвала 10 600 прадпрыемстваў з больш як 211 000 супрацоўнікаў[14].
«Фальксваген Гольф» 1-га пакалення (2008 г.)
  • У красавіку 1980 г. «Фальксваген» набыў у амерыканскага аўтавытворцы «Крайслер» (Пантыяк, штат Мічыган) даччынае прадпрыемстве ў Аргенціне.
  • 16 лютага 1985 г. заснавалі зборачнае ТАА «Шанхайская аўтамабільная кампанія „Фальксваген“» (Кітай) сумесна з «Шанхайскай трактарна-аўтамабільнай карпарацыяй», што дазволіла «Фальксвагену» стаць найбольшым вытворцам самаходаў у Кітаі.
  • За 1985 г. еўрапейскія продажы канцэрна выраслі амаль на 24 % да каля 760 000 аўтамабіляў, што зрабіла «Фальксваген» найбольшым аўтавытворцам у Еўропе.
  • 18 чэрвеня 1986 г. набылі 51 % паёў іспанскага аўтавытворцы «Сеат»[15].
  • 4 ліпеня 1986 г. агульны сход пайнікаў змяніў назву АТ на «Народны аўтамабіль» («Фальксваген»).
  • 1 ліпеня 1987 года ў Бразіліі стварылі сумеснае ТАА «Аўталаціна» з амерыканскім «Фордам», якое праіснавала да 1995 года[14].
  • 6 лютага 1991 года ў Чанчуні стварылі з кітайскім «Першым аўтазаводам» ТАА «ПАЗ-Фальксваген», якое ў снежні 1994 г. адкрыла новы завод магутнасцю на 150 000 седанаў Volkswagen Jetta.
  • 16 красавіка 1991 г. «Фальксваген» набыў 30 % чэхаславацкага аўтамабільнага АТ «Шкода», кантрольны пакет акцый якога атрымаў 19 снежня 1994 года[15].
  • 17 лістапад 1995 г. АТ «Фальксваген Аргенціны» адкрыў новы завод у Пачэка магутнасцю на 150 000 самаходаў, дзе сталі вырабляць мадэлі «Гольф» і «Пола».
  • У 1997 г. «Фальксваген Бразіліі» вырабіў 609 000 аўтамабіляў і наймаў звыш 31 000 супрацоўнікаў.
  • 15 жніўня 1998 г. набылі ТАА «Саксонскія аўтамабілі», якому належалі 3 заводы ў Айзенаху (зямля Цюрынгія), Мозэлі (частка Цвікаў) і Кемніцы, што з 1990 г. былі сумеснымі прадпрыемствамі.
  • Цягам 1998 г. «Фальксваген» набыў адразу 3-х замежных аўтавытворцаў Еўропы: «Бэнтлі», «Ламбаргіні» і «Бугаці».
  • 25 жніўня 1999 года ў Палькавіцэ (Ніжнесілезскае ваяводства) адкрылі завод ТАА «Матор Польшчы» магутнасцю на 540 000 рухавікоў за год[14].
  • У 2000 г. канцэрн «Фальксваген» упершыню вырабіў і прадаў звыш 5 млн аўтамабіляў.
  • За 2003 г. у Кітаі прадалі 698 000 аўтамабіляў «Фальксваген», вырабленых у Шанхаі і Чанчуні, што зрабіла канцэрн найбольшым вытворцам самаходаў у Кітаі. 22 кастрычніка 2007 г. У 2007 г. продажы ў Кітаі выраслі на 28 % да звыш 900 000 самаходаў, што зрабіла Кітай найбольшым рынкам для канцэрна «Фальксваген».
  • 28 лістапада 2007 года ў Калузе (Расія) ТАА «Фальксваген Рус» адкрыла 48-ы завод канцэрна, які стаў 33-й вытворчасцю самаходаў канцэрна і меў магутнасць у 150 000 аўтамабіляў за год.
  • У 2009 г. ТАА «Фальксваген Індыі» адкрыў у Пуне (штат Махараштра) завод коштам 580 млн еўра і магутнасцю 110 000 самаходаў за год[14].
  • 14 лютага 2014 года «Фальксваген» пачаў прадаваць у Германіі свой першы электрамабіль «е-Гольф» па цане ад €34 900 ($47 800). Магутнасць літ-іоннага акумулятара складала 26,5 кілават-гадзіна, што дазваляла праехаць да 134 км на адным зарадзе. Да канца года ў Заходняй Еўропе прадалі 3328 такіх электрамабіляў. У 2017 годзе яго цана ўпала да $29 000[16], а магутнасць акумулятара вырасла да 35,8 кілават-гадзіна (144 км язды).
  • 18 верасня 2015 года Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя ЗША (ААНА ЗША) выкрыла, што звыш 428 000 аўтамабіляў «Фальксваген», якія прадалі ў краіне за апошнія 6 гадоў, выкідвалі ў паветра 40-кратна больш шкодных рэчываў за дапушчальны ўзровень. Махлярства з выпрабаваннем на шкодныя выкіды ажыццявілі пры дапамозе апраграмавання, што заніжала паказчыкі да прымальнага ўзроўню. Выкрытая праграма стаяла на 11 млн аўтамабіляў у свеце з 2-літровым дызельным рухавіком EA189, якія былі на мадэлях «Фальксваген Гольф», «Джэта», «Жук» і «Пасат», «Аўдзі А3» і «Шкода Актавія». У выніку за тыдзень АТ «Фальксваген» вылучыла $7,3 млрд на спагнанні і страціла на біржы 26 % рыначнай вартасці — 25 млрд еўра (падзенне да ўзроўню 2012 года)[17]. У Еўропе знаходзілася 8 млн дызельных аўтамабіляў (73 % ад 11 млн), у якіх перавышаў узровень выкідаў аксіду азоту і вуглякіслага газу і якія адпаведна падлягалі рамонту[18]. 28 чэрвеня 2016 года на «Фальксваген» у ЗША наклалі спагнанне ў памеры $15 млрд, з якіх $10 млрд прызначаліся на рамонт і выкуп ва ўласнікаў больш як 428 000 дызельных аўтамабіляў. Астатнія $5 млрд выплочваліся ААНА ЗША на даследаванне шкоднага ўздзеяння дызельных рухавікоў EA189[19].
  • За 2016 г. продажы канцэрна «Фальксваген» павялічыліся да 10 391 113 аўтамабіляў (11,9 % сусветнага рынку).
  • 11 студзеня 2017 года федэральны суд ЗША задаволіў позву Міністэрства юстыцыі ЗША аб спагнанні з «Фальксвагена» яшчэ $4,3 млрд пасля прызнання ў парушэнні Закону «Аб чыстым паветры» 1963 года. З улікам ранейшых выплатаў за махлярства з выкідамі ад дызельных рухавікоў EA189 агульныя страты дасягнулі $19,2 млрд[20].

Зноскі

  1. ↑ https://www.lobbyfacts.eu/datacard/volkswagen-aktiengesellschaft?rid=6504541970-40
  2. 1 2 https://web.archive.org/web/20210116151622/https://www.volkswagenag.com/presence/investorrelation/publications/annual-reports/2017/volkswagen/en/Y_2016_e.pdf
  3. 1 2 3 annual report — 2026.
  4. ↑ https://www.volkswagenag.com/presence/investorrelation/publications/annual-reports/2022/volkswagen/Y_2021_e.pdf
  5. ↑ Full Speed Ahead To The Future. 2021 Annual Report — VOLKSWAGEN AG.
  6. ↑ http://www.volkswagenag.com/content/vwcorp/info_center/en/publications/2013/03/Shareholding_2012.bin.html/binarystorageitem/file/Anteilsbesitz+VW+AG+31+12+2012_englisch.pdf
  7. 1 2 3 4 5 6 7 8 https://www.volkswagenag.com/presence/investorrelation/publications/annual-reports/2017/volkswagen/en/Y_2016_e.pdf
  8. 1 2 3 4 5 http://www.volkswagenag.com/presence/investorrelation/publications/annual-media-conference/2017/shareholdings/Anteilsbesitz_VWAG_2016_e.pdf
  9. ↑ Volkswagen стаў сусветным лідарам па колькасці вырабленых аўтамабіляў
  10. ↑ Fortune Global 500(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 мая 2021. Праверана 21 снежня 2009.
  11. ↑ Склад уласнікаў (ням.). АТ «Фальксваген» (31 снежня 2016). Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2017. Праверана 15 верасня 2017.
  12. ↑ Справаздача за 2016 год (ням.). АТ «Фальксваген» (14 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 15 красавіка 2017. Праверана 14 верасня 2017.
  13. ↑ Абрыс і размяшчэнне вытворчасці (ням.). АТ «Фальксваген» (6 лістапада 2017). Архівавана з першакрыніцы 1 лістапада 2017. Праверана 14 верасня 2017.
  14. 1 2 3 4 5 6 7 8 Маркус Лупа. Гістарычныя нататкі = ням.: Historische Notate / рэд. Манфрэд Грыгер. — Вольфсбург: Фальксваген, 2008. — Т. 7. Летапіс «Фальксвагена». — 260 с. — ISBN 978-3-935112-10-9.
  15. 1 2 3 Вера Жохавец. «Свет мяняецца, і мы павінныя быць падрыхтаванымі да гэтага» // Звязда : газета. — 3 мая 2012. — № 95 (27210). — С. 3. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  16. ↑ Беларускі электрамабіль каштавацьме ўдвая даражэй за «Джылі», праедзе 100 км без падзарадкі. Радыё «Свабода» (20 лютага 2017). Праверана 30 чэрвеня 2018.
  17. ↑ У ЗША вялікі скандал з «Фальксваген». Радыё «Свабода» (25 верасня 2015). Праверана 30 чэрвеня 2018.
  18. ↑ Яланта Смялоўская. Падае курс акцый канцэрну «Фальксваген». Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё (4 лістапада 2015). Архівавана з першакрыніцы 4 лістапада 2015. Праверана 30 чэрвеня 2018.
  19. ↑ «Фальксваген» выплаціць 15 млрд долараў за ўрэгуляванне дызельнага скандалу. Еўрарадыё (28 чэрвеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2023. Праверана 30 чэрвеня 2018.
  20. ↑ «Фальксваген» заплаціць ЗША $4,3 млрд з-за дызельнага скандалу. Газета «Звязда» (11 студзеня 2017). Праверана 30 чэрвеня 2018.
  21. ↑ Volkswagen Group Names Porsche CEO Oliver Blume As New Boss (англ.). motor1.com (22 ліпеня 2022). Праверана 23 ліпеня 2022.